Официальный сайт
 
Адрес райисполкома:
231300, г. Лида,
ул. Советская, 8
Электронная почта:
Lidaisp@mail.lida.by
Телефон: (80154) 53-40-03
Факс: (80154) 53-40-04
 

У іх руках любая праца спорыцца. У Лідскім раёне прайшоў конкурс Спадарыня-сялянка

Вясковыя жанчыны – гэта пчолкі, якія ўвесь час працуюць: сям’ю дагладаюць, хатнюю гаспадарку трымаюць, яшчэ і ў сельгаспрадпрыемствах выкладываюцца па поўнай. Сапраўды, у іх умелых руках любая праца спорыцца, усё да тэрміну гатова. І ў гэтых суперздольнасцях вясковых жанчын мог пераканацца кожны, хто прысутнічаў на раённым конкурсе «Спадарыня-сялянка».

Прадстаўце: пятніца напярэдадні 8 сакавіка, вечар, непрацоўны час, а ў Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу людзей – яблыку няма дзе ўпасці. А ўсё таму, што нагода сама што ні на ёсць паважлівая: блізкія, сябры, калегі прыйшлі падтрымаць дарагіх ім жанчын, якія насуперак страху выйшлі на сцэну, каб расказаць пра сябе і сваё жыццё ў сельскай мясцовасці. Ды не пажаліцца, а пахваліцца!

Удзел у конкурсе «Спадарыня-сялянка» сёлета прымалі шэсць прыгажунь. Ад імя саўагаса «Лідскі» выступалі юрыст Вольга Говар, эканаміст Таццяна Барташэвіч, даяркі фермы «Верх-Ліда» Таццяна Малькевіч і Аксана Лісай. Гонар КСУП «Беліца-Агра» адстойвалі спецыяліст па ідэялогіі Наталія Іодчык і спецыяліст па індэтыфікацыі Юлія Гірыновіч. І, ведаеце што, іх талентам можна пазайздросць! Акрамя таго, што кожная трымае немалую хатнюю гаспадарку, яны яшчэ знаходзяць час на кулінарыю (не проста абед згатаваць, а сапраўдны шэдэўр стварыць) і асабістае хоббі. Напрыклад, Вольга Говар займаецца цяжкай атлетыкай, Таццяна Малькевіч любіць вязаць, Наталія Іодчык ідзе па жыцці з песняй, Таццяна Барташэвіч падзяляе захапленні сваіх дзяцей і зараз часты госць на хакейных матчах. Юлія Гірыновіч працягвае справу сваёй матулі і займаецца рукадзеллем. А вось у Аксаны Лісае зусім “нежаночае” хоббі – рыбалка, самы вялікі яе ўлоў важыў 700 грамаў.

Нягледзячы на тое, што ў цэнтры ўвагі на конкурсе былі жанчыны, з усіх бакоў іх атачалі выключна мужчыны. Моцная палова чалавецтва ўзяла на свае плечы ўсю «абслуговую»працу: яны і конкурс вялі, і гасцей сваімі песнямі забаўлялі.

Асобна трэба сказаць пра членаў журы: як і пакладзена сапраўдным мужчынам, яны не абдзялілі ўвагай ні адну ўдзельніцу конкурсу. Па выніках выпрабаванняў тых, хто прайграў, наогул не было. Тытул «Спадарыня» атрымала кожная жанчына, праўда, у асабістай намінацыі. Акрамя дыпломаў і кветак, спадарыні-сяленкі атрымалі падарункі ад Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і перапрацоўчых прадпрыемстваў горада, а таксама ад сваіх сельгаспрадпрыемстваў.

 

Вікторыя ПАЗНЯК, “Лідская газета”