Официальный сайт
 
Адрес райисполкома:
231300, г. Лида,
ул. Советская, 8
Электронная почта:
Lidaisp@mail.lida.by
Телефон: (80154) 53-40-03
Факс: (80154) 53-40-04
 

Лепшых жывёлаводаў ушаноўвалі на малочна-таварных фермах сельгаспрадпрыемства Ходараўцы-Агра

Рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод», падчас якой у мінулым годзе падарункамі і грашовымі прэміямі адзначалася праца лепшых аператараў машыннага даення, даглядчыкаў, жывёлаводаў, ветэрынарных урачоў, лабарантаў гаспадарак раёна, набірае тэмпы. Сёлета лепшых спецыялістаў галіны ўшаноўвалі на малочна-таварных фермах сельгаспрадпрыемства «Ходараўцы-Агра».

Улетку па традыцыі мы аддаём даніну павагі хлебаробам, якія сабралі з залатой нівы сваю тысячу збожжа, а зімой – жывёлаводам, дзякуючы якім на сталах лідчан штодня з’яўляюцца свежыя прадукты з малака і мяса.

– Галоўнай мэтай акцыі, ініцыяванай Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу, з’яўляецца не толькі ўшаноўванне жывёлаводаў (хоць гэта самая прыемная частка) , – адзначыў карэспандэнту газеты старшыня Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Марсаў. – Для нас таксама важна сустрэцца з калектывам кожнай фермы, удзяліць асаблівую ўвагу пытанням бяспекі працы, санітарна-бытавым умовам. Акцыя “Наш жывёлавод” прысвечана людзям, якія штодня напружана працуюць на карысць сваіх арганізацый і ўсяго раёна ў цэлым.

У кожнай гаспадарцы ёсць спецыялісты сваёй справы. На МТК “Ходараўцы”, МТФ “Ходараўцы”, МТФ “Дзікушкі”, МТФ “Голдава” і МТФ “Папераўцы” ў той дзень ушаноўвалі лепшых работнікаў, тых, хто дамогся найбольш высокіх вытворчых паказчыкаў: лабаранта Валянціну Бейма, аператараў машыннага даення Анастасію Сарока, Марыну Бучу, Наталлю Каціла, жывёлаводаў Івана Дзікевіча, Аляксея Будзевіча, Алега Здановіча, слесара Юрыя Гірыча. Нягледзячы на тое што ў тэхнічным аснашчэнні невялікія фермы з прывязным утрыманнем жывёлы значна саступаюць комплексу, даяркі і жывёлаводы на месцах працуюць гэтак жа плённа і ставяць свае ўласныя рэкорды.

Віншуючы жывёлаводаў і ўручаючы ад сельгаспрадпрыемства мульціваркі, лідар пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі “Ходараўцы-Агра” Вольга Камінская адзначыла, што дасягненне высокіх паказчыкаў, бясспрэчна, залежыць менавіта ад чалавечага фактару, ад тых, хто жыве сваёй працай, аддае ёй увесь свой час, уменне, вопыт і, вядома, любіць выбраную справу. Гэта не застанецца без увагі калектыву. Падарункі і словы ўдзячнасці знойдуць сваіх герояў і ў будучым.

Як таксама стала вядома карэспандэнту “Лідскай газеты”, падчас правядзення акцыі будуць наведаны больш за трыццаць малочна-таварных фермаў і комплексаў гаспадарак Лідскага раёна. А значыць, наперадзе яшчэ шмат прыемных хвілін і слоў удзячнасці за працу.

Вольга АНТОНАВА, “Лідская газета”.


















Аператар машыннага даення МТК “Ходараўцы” Анастасія Сарока, яе калега Алена Кажамяка і лабарант Валянціна Бейма.