Афіцыйны сайт
25 ліпеня 2019

«Вёска – крыніца культуры»

З 19 чэрвеня 2019 года ў Лідскім раёне пачаў рэалізацыю праект трансгранічнага супрацоўніцтва «Умацаванне самабытнасці сельскіх раёнаў шляхам развіцця традыцыйных рамёстваў і турызму» (ENI-LLB-1-098) аддзела культуры Лідскага райвыканкама (вядучы бенефіцыяр праекта), Рыкантайскага ўніверсальнага шматфункцыянальнага цэнтра Тракайскага раёна, рэгіянальнага Парку Нерыс і самакіравання Тракайскага раёна (Літоўская Рэспубліка) праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Латвія-Літва-Беларусь 2014-2020».

Галоўная мэта праекта заключана ў прадстаўленні культурнай спадчыны на ўзроўні дзвух краін і на еўрапейскім узроўні. Асноўныя задачы накіраваны на стварэнне ўстойлівага турызму і доўгатэрміновыя ўмовы для папулярызацыі традыцыйных рамёстваў у рэгіёне, уключаючы механізмы прыцягнення насельніцтва. Рэалізацыя праекта разлічана на 24 месяца.

З 22 па 26 ліпеня адбываюцца запланаваныя экспедыцыі ў Лідскім раёне. Першымі сустрэла спецыялістаў гасцінная вёска Ваверка. Ксёндз Анжэй распавёў пра гісторыю касцёла Праабражэння Гасподняга, старшыня Ваверскага сельсавета пазнаёміў з гісторыяй вёсак Серафіны, Мейра. Майстрыха з вёскі Ваверка Ясюкайціс Тэрэза спявала песні сваёй маці, распавядала пра тканыя ручнікі і абрусы, аб сваёй сям'і і традыцыях святкавання вяселля. Наперадзе яшчэ чакаюць візіт экспертаў навакольныя вёскі Дворышча, Тарнова, Мажэйкава.

Сабраная інфармацыя будзе выкарыстана для стварэння культурных маршрутаў па самым прыгожым і значным мясцінам Лідскага раёна, а таксама для турыстычнага маршруту Ліда-Тракай. Самай каштоўнай і значнай падзеяй падчас працы спецыялістаў з'яўляецца сустрэча з мясцовымі жыхарамі, захавальнікамі традыцый, майстрамі-рамеснікамі, простымі людзьмі, старажыламі. Сабраныя звесткі неабходныя для падрыхтоўкі метадычнага матэрыялу: вопыт і традыцыі запраўкі ткацкага станка, тэкстыльныя ўзоры ткацтва, крой і пашыў нацыянальнага касцюма. Адабраны і перапрацаваны матэрыял экспертам па этнакультуры і этнаграфіі са шматлікімі фотаздымкамі, відэасюжэтамі і інтэрв'ю будзе адаптаваны для электронных кіёскаў у Літве і ў Лідзе.