Афіцыйны сайт

Крупныя мерапрыемствы ў аграгарадках

 
4 лютага ў аграгарадку Дворышча адбылося прыгожае брэндавае мерапрыемства – свята бліноў «Бліны ды аладкі – усё вясны-красны нагадкі», якое сабрала багата гасцей. У гэты дзень работнікі Дварышчанскага Дома культуры падрыхтавалі разнастайную і цікавую праграму гуляння. Спадабалася гледачам тэатралізаванае адкрыццё свята «Блінны разгуляй 2018», пазабавілі гульнёвыя праграмы і конкурсы, святочная канцэртная праграма. Гаспадары свята напяклі шмат бліноў. Яны  былі галоўным пачастункам на «Блінным разгуляі».
 
11 лютага ў Беліцкім Доме культуры адбыўся раённы конкурс традыцыйных страў «Спазнай смак сваёй кухні».  Тэмай гэтага года стаў Вялікі пост. Былі прадстаўлены арыгінальныя, карысныя, разнастайныя, а галоўнае – простыя ў падрыхтоўцы стравы: посная каўбаса, дранікі, бліны, салаты, заліўное, памачуха, саленні, квас. Кожнаму прысутнаму на конкурсе было прапанавана ацаніць і паспрабаваць стравы беларускай кухні на смак. 
 
Свята «Маёнтак Дамбавецкага запрашае!» адбылося 4 жніўня 2018 года. У рамках брэндавага мерапрыемства прайшлі інтэрактыўная экскурсійна-пазнавальная праграма ў Музеі сям'і “Падарожжа ў сямейны дабрабыт”, паркавы шпацыр “Спадчына Дамбавецкага” з аглядам рэдкіх парод дрэў, сюжэтна-забаўляльнае прадстаўленне “Кола часу”, фестываль гумару “Пацешкі ды ўсмешкі – даўгалецця сцежкі”, канцэртная праграма і выстаўка работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 
 
Брэндавае свята кошыка “Кошык плесці – не байкі весці” адбылося ў аграгарадку Ёдкі. Гасцей свята радавалі майстар-класы па лозапляценню, выстаўкі плеценых вырабаў, гульнёвая праграма, канцэрт лепшых артыстаў Лідскага раёна, побытавыя танцы, дзіцячыя інтэрактыўныя пляцоўкі. 
 
У Мажэйкаўскім Доме культуры адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары ды халодныя ранкі”, у якім прынялі ўдзел артысты і калектывы з Гродзенскай вобласці. Са сцэны гучалі вясёлыя, сумныя, слёзныя і нават грозныя песні. Кожная – залаты злітак, скарбніца мясцовага фальклору. Гледачы мелі магчымасць прыняць удзел у галасаванні за выканаўцу, які больш за ўсіх спадабаўся. Пераможцам адкрытага рэгіянальнага фестывалю песеннага фальклору стаў народны фальклорны гурт “Вяргіня” Ракаўскага Дома культуры Шчучынскага раёна.
 
14 кастрычніка ў аграгарадку Дзітва адбылося брэндавае свята капусты “Хрумсцім, хрумсцім капустай”, дзе творчы калектыў Дзітвянскага Дома культуры прадставіў  гасцям свята займальную праграму. Даспадобы ўсім прысутным прыйшліся дэгустацыя народных страў з капусты, конкурсы, танцы і музычная праграма. Падчас свята працавалі гандлёвыя рады, дзе можна было набыць садавіну, агародніну і нават мёд. Для маленькіх гасцей працавалі дзіцячыя інтэрактыўныя пляцоўкі. 
 
У Крупаўскім Доме культуры ладзілі брэндавае свята яйка. Галоўнымі момантамі мерапрыемства сталі пачастункі і дэгустацыя прыгатаваных яйкавых страў, гульні, конкурсы, забавы, атрыбутам якіх было яйко, конкурс на самую багатую птушыную гаспадарку, конкурс кулінарнага мастацтва, выступленні калектываў аматарскай творчасці Лідскага раёна, тэматычная фотазона, дзе можна было сфатаграфавацца ў змайстраваным курыным гняздзе, выстаўка работ крупаўскіх майстроў, танцавальная праграма. 
 
Яблычны фэст адбыўся ў аграгарадку Тарнова, які лічыцца яблычнай сталіцай Лідчыны. Тарноўскі сад сёлета ўвайшоў у тройку самых ураджайных на Гродзеншчыне. Творчы калектыў Тарноўскага Дома культуры пардыхтаваў разнастайную праграму свята: маляўнічае тэатралізаванае прадстаўленне, прэзентацыю розных страў з яблыкаў, яблычнае дэфіле, праграму-ушанаванне садаводаў, дзе гучалі асаблівыя словы падзякі ў адрас працаўнікоў Тарноўскага саду. На свяце працаваў яблычны кірмаш, інтэрактыўныя пляцоўкі, выстаўкі садавіны і агародніны.